> афіша Indiga <
фэн сайт Русі і Indiga
Руся


25 06 2007
канцэрт у "Графіці"


Ніка Сандрос. Мастачка, што малюе песьні.

Ніка Сандрос

Ніка Сандрос нарадзілася ў Грэцыі 22 лютага ў 1978 годзе і яшчэ маленькай дзяўчынкай малявала для свайго дзядзькі – Яніса Куроса, вядомага сьпевака Грэцыі. Дзядзька даваў шмат канцэртаў і часта зачыняўся ў грымёрцы, каб нікога ня чуць і ня бачыць. Толькі маленькая Ніка мела дазвол уваходзіць у памяшканьне, залазіць вялікаму чалавеку на калені і маляваць.
Я да цябе на ручкі, дзядзька Яніс. Чаму ты такі сумны? Глядзі, я намалявала анёла. Чуеш? Ён сьпявае для цябе. Паслухай, калі ласачка, паслухай — і табе стане радасна. Возьмеш яго з сабой на канцэрт? У кішэню. Абяцаеш? Разам вам ня будзе страшна.
Яніс Курос сумна ўсьміхаўся, цалаваў дзяўчынку ў лоб і выходзіў на сцэну. А маленькая Ніка ператваралася ў адно вялікае вуха і лавіла кожны гук музыкі, голас дзядзькі, апладысмэнты і крыкі натоўпу, шаргаценьне заслоны... Яна заплюшчвала вочы і бачыла песьні. Бачыла іх ясна і блізка. Адчувала кожную ноту і слова сваёй маленькай і адначасова такой вялізнай душою. Потым Ніка ціхенька ўздыхала, брала пэндзлік і пачынала маляваць тое, чым жыло яе маленькае сэрца – песьні, якія бліскуча сьпяваў самы дарагі для Нікі чалавек. Як толькі канцэрт заканчваўся і дзядзька Яніс атрымоўваў сваю законную частку славы і апладысмэнтаў, за заслонай яго чакала Ніка. Шчасьлівае дзіця з выпэцканым фарбай тварам працягвала дзядзьку падарункі – малюнкі, на якіх былі разьлітыя яго песьні.

Пазьней Ніка зьехала ў Чылі і, каб не губляць кранальнай сувязі зь дзядзькам, штомесяц дасылала яму лісты з малюнкамі чылійскіх песень, бо проста распавесьці пра іх было немагчыма.

У Чылі ёсьць чароўнае месца ў гарах – Чапа Вэрдэ. Я любіла прыходзіць туды, садзіцца на краёчак скалы, зьвесіць ногі ўніз, запаліць і моўчкі глядзець далёка-далёка... Адчуваць, што ты на краі сьвету. Цяпер, калі я малюю, кожны раз я адчуваю сябе нібыта на краі сьвету. Сёньня я малюю ня толькі чылійскія ці дзядзькавы песьні. Напрыклад, у маёй калекцыі ёсьць малюнкі песьняў Bjork, Tori Amos, Janis Joplin, Indiga, Regina Spector.
***
Yann Tiersen - “J'y suis jamais alle”

Ніка Сандрос. Yann Tiersen - J'y suis jamais alle

Нікому не патрэбная дзяўчына бяз твару нясе на руках нікому не патрэбную пустую рыбу. Вецер ганяе пясчынкі ўздоўж берага, а я дару сябе. Раздорваю. Сыплю прыгаршчамі, хрустальнымі рыбамі. Гляджу навокал. Пустэча. Вецер. Крокі на пяску змывае вада. Нічога не застаецца. Крохкасьць.

***
Bjork – “Come to Me”

Ніка Сандрос. Bjork – Come to Me

Жанчына ў чырвонай сукенцы і пацерках, самадастатковая, моцная, разумная... вар'яцее ад адзіноты.

Яна гатовая вывернуць сябе, высыпаць усе свае пацеркі...

Маленькімі крокамі яна бяжыць па брукаванцы.

Золак.

Пусты горад.

Лёгкая ўсьмешка на вуснах.

Пакой.

І толькі ўнутры, у глыбіні сэрца выбухамі вадароднай бобмы крычыць расчараваньне. Пацеркі.

Пустэча.
Што ты плачаш?
Так... пацеркі парваліся.
***
Indiga – “Заенька”

Ніка Сандрос. Indiga – Заенька

Я шукаю свабоду, як вы. У мяне такі я ж пытаньні да жыцьця, як у вас. Мне хацелася б быць жывою, але большасьць з нас сушоныя зайцы. Вісім сабе на вяровачцы і нібыта ўтульна. Нас павесілі і мы больш ні за што не адказныя. Нібыта...

Дзевачка колеру індыга няхай непрыгожая, няхай сама па сабе, але толькі яна мае свабоду рухацца, таму радасна коціць сваё кола і спачуваючы дорыць усьмешкі нам. Шасьці сушоным заенькам.
***
Ніка Сандрос малюе песьні так, нібыта вы ўжо іх пачулі. Сыпле свае пачуцьці на паперу, нібыта гэта вашыя пачуцьці. Яе ніколі не клапоцяць меркаваньні крытыкаў, колькасьць выставаў ці кошты яе карцін на аўкцыёнах. Ніка жыве малюнкамі. Яна малюе на паперы, у студыі на палатне ці наўпрост у нататніку на каленях, пакуль едзе ў вагоне цягніка. Яе слых — фарбы, колеры, аловак, пэндзаль і сэрца. Вы ўжо і самі гэта чуеце...

Рэната Гнэсік

...

таксама тут:

Рэпартаж з "Графіці" (29.01.2005 - вечарына "Творчага Дома").

Live-відэа "Танга на краі" ў Графіці avi 5.306 Kb (дзякуй, Павал Антыпаў!).
*Не раім праглядаць дзецям да 16 гадоў - ёсьць спрэчныя моманты :)