|
> афіша Indiga < фэн сайт Русі і Indiga |
![]() |
|||
|
03-06 11 2006
З Украіны “Indiga” вярнулася з прапановай супрацоўніцтва ад гуказапісваючай студыі “M.A.R.T.”: распавядае Руся
Днямі “Indiga” вярнулася з насычанай украінскай паездкі - там гурт выступіў у данецкім і харкаўскім клюбах і прадставіў беларускую музычную альтэрнатыву на вялікім днепрапятроўскім фэстывалі “ДніпРОК-2006”. Вынікам украінска-беларускага сяброўства “Indiga” стала прапанова супрацоўніцтва са студыяй “M.A.R.T.”, якая займаецца такімі ўкраінскімі гуртамі, як “5-nizza”, “Luki”! Вельмі эксклюзыўна і шчыра цікавымі падрабязнасьцямі выступаў і знаёмстваў, падарожнымі гісторыямі і моцнымі ўкраінскімі ўражаньнямі са сваімі прыхільнікамі дзеліцца сама Руся: Частка 1. “Gung'u'Buzz”: “Оркестр Че” і данецкія інтэлектуалы …У нашых плянах было тры гарады - першым быў Данецк і клюб “Gung'u'Buzz”. Там мы ўжо выступалі ў кастрычніку, а гэта быў другі раз. З-за таго, што ня вельмі зручна ходзяць цягнікі, нам давялося выехаць туды на дзень раней, сыграць канцэрт і яшчэ на дзень затрымацца. Затрымаліся, і убачылі нарэшце сваіх сяброў - гурт “Оркестр Че”, зь якім мы пазнаёміліся і стасуемся ў клюбе “Churchill's Pub”. Убачылі іх канцэрт і ўразіліся настолькі, што забылі аб усёй сваёй стомленасьці, голадзе і холадзе - вырашылі любымі хітрыкамі дабіцца таго, каб прывезьці іх да нас у Менск, абавязкова паказаць беларускай публіцы! Мне здаецца, што нашыя слухачы, прыхільнікі “Indiga”, яны ацэняць гэты гурт. У Менску яны не былі ні разу, але вельмі пра гэта мараць. “Оркестр Че” крышачку падобны да “АукцЫон”: там таксама ёсьць актор, і ён пад кожную песьню ставіць міні-монаспэктаклі. Як заўсёды, “Indiga” ўжо пасьпела “напрацаваць” сабе ў Данецку інтэлектуальную публіку, і нават дырэктар клюбу сам дзівіўся, што “Indiga” адыграла яшчэ толькі адзін канцэрт, а і на другі прыходзяць тыя ж дарослыя, адукаваныя людзі - такая данецкая эліта! Гэта нам моцна зальсьціць! Значыць, мы не памыляліся, калі казалі, што “Indiga” грае інтэлектуальны рок. Частка 2. “ДніпРОК”: гукарэжысэрыць бубнач “Я и друг мой грузовик”! На наступны дзень мы паехалі ў горад Днепрапятроўск, дзе праходзіў вялікі фэстываль “ДніпРОК”. І арганізатары фэсту, і ўдзельнікі ўразілі нас настолькі, што мы дагэтуль знаходзімся літаральна ў шоку! Усё чотка, арганізавана - людзей сустракаюць, даглядаюць за імі, саўндчэк граматны… Дарэчы, на саўндчэку была такая цікавая гісторыя - да мяне падыйшоў хлопец і кажа: хацеў параіць, каб вы пахутчэй - што вы круце гэтыя ручкі, гэта ж вялікі канцэрт, салянка: усё роўна ніхто за гэтым ня будзе сачыць, усё будзе строіцца ў час канцэрту! Я, маўляў, сам бубнач, я сам граю і ведаю! Я кажу, а дзе ж вы граеце? “Я и друг мой грузовик”! Wow! Дык мы ж вашыя фанаты! Так што мы яшчэ і з “грузавікамі” пазнаёміліся, і для нас вялікай пашанай было, што з нашым гукам працаваў бубнач гурта “Я и друг мой грузовик”. Вельмі вясёлы чалавек! Аказалася, што ў кожным клюбе, у любым, дзе б яны не былі, перад сваім выступам ён мые барабаны! Мы нават прыдумалі жарт, што трэба іх у менскія клюбы выклікаць хоць раз на тры месяцы, каб ён прыехаў, ды барабаны памыў… Фэстываль “ДніпРОК” - я ня памятаю дакладна, колькі там было гуртоў - 12-15; абсалютна розныя стылі - і вясёлы панк-рок, і МТVшны брыт-поп, і фолк вельмі глыбокі, і джаз, і альтэрнатыўная музыка… І ўзровень гуртоў такі, што з кожным новым гуртом мы сядзелі ў грымёрцы і трэсьліся, думалі - калі гэта скончыцца, мы на іх фоне будзем зусім бледнымі! Але, нічога, калі мы выйшлі, усіх моцна парадавала, што была вялізная сцэна, і, калі гучна гралі бас-гітара і бас-бочка, на такіх “мясных” сакавітых кавалках сама сцэна ператваралася ў мэмбрану і вібрыравала! Гэта такія адчуваньні, што здавалася, ад гэтага гуку сэрца выпрыгне! Вялізная сцэна, экраны - і людзі, хто быў далёка, бачылі, што адбываецца на сцэне. Дарэчы, потым да нас падыходзілі многія музыкі, выказвалі нам свой “рэспэкт”! Мы пасябравалі з гуртом “Квадраджесіми”! Гэта той гурт, які нам спадабаўся больш за астатнія. Мы абмяняліся дыскамі, пацалункамі і абдымкамі, і вырашылі, што трэба сябраваць і не зьнікаць, таму што моцна нам спадабалася творчасьць адно аднаго. Чакаем зараз - якія водгукі будуць на гэты фэст, але ў тых матэрыялах, якія мы ўжо знайшлі ў Інтэрнэце - усім спадабалася “Indiga”, і ўсе задаволеныя тым, што беларусы прыехалі і так добра сябе прадставілі! Частка 3. “Churchill's Pub”: удалы панядзелак Ну, і апошні горад быў Харкаў, клюб “Churchill's Pub”. Як мы туды ехалі! Не было квіткоў, нам давялося заплаціць утрая даражэй, ехалі на трэціх паліцах, прычым, нас перыядычна будзілі, прасілі перайсьці з аднаго месца на іншае... У Харкаў мы прыехалі дзесьці ў чатыры-пяць раніцы, злыя, галодныя, халодныя - стаялі, і думалі, што больш ва Ўкраіну ні нагой, гэта вельмі цяжка, калі жывеш у такім рэжыме… А потым пайшоў сьнег, мы прыехалі дадому да гаспадара клюбу, выпілі гарбаты, паглядзелі ў вакно і чамусьці ўсім стала так сумна, усе падумалі, што Ўкраіну мы ні на што не прамяняем, а асабліва Харкаў! Як бы моцна мы не стамляліся. Увечары быў канцэрт - нягледзячы на тое, што гэта быў панядзелак, і мы думалі, што прыйдзе чалавек 10-15, нават былі гатовы да такога “кватэрніка”, - прыйшла значная колькасьць людзей, тых жа, якія прыходзяць па выходных, і яны нават прывялі сваіх знаёмых. Напрыклад, у мінулы раз я пазнаёмілася з выкладчыцай ангельскай мовы з універсытэта, а цяпер яна прывяла з сабою сваіх дзяцей - студэнтаў! Пасьля канцэрту мы атрымалі прапанову наконт супрацоўніцтва са студыяй “M.A.R.T.”, каторая займаецца гуртамі “5-nizza”, “Luki”. Гукарэжысэр прапанаваў нам папрацаваць, так што зараз мы думаем над гэтым. Частка 4. Outro. Дома. Вярнуліся дадому і ў чарговы раз пераканаліся, што з канцэртамі тут ня вельмі… Не пасьпелі мы прыехаць, як нас “абрадавалі” - Супрановіч прывозіць Бабкіна, і хацеў нас неяк злучыць, каб мы гралі разам, але яму не дазволілі! Усё ідзе да таго, што магчымасьці граць тут усё меней і меней, так што мы актыўна працуем над тым, каб зладзіць выязды нашым гуртам ва Ўкраіну - “IQ48”, “Troitsa”… Так што Ўкраіна - гэта наш востраў надзеі, дзе можно граць і адчуваць сябе музыкам і чалавекам! З Украінай прасьцей і ў пляне мовы - ім падабаецца беларуская мова. Многія падыходзяць пасьля канцэрту і просяць перакласьці некаторыя словы. Кажуць, ня думалі, што беларуская мова такая мілагучная! Ім здавалася, што гэта толькі “бульба”, “чаго”, “каго” ды “гаўно”… Часьцей за ўсё даводзіцца перакладаць слова “гарэза”, а калі чытаюць дыскі, то моцна дзівяцца зь беларускага слова “бубнач”, “гукарэжысэр”. У гэтую паездку ўкраінцы адкрылі для сябе слова “прышпільны”. Але больш за ўсё пытаньняў выклікае песьня “Людзі”: тэкст увесь пабудаваны на алюзіях - нават калі чытаеш, ня ўсё зразумела. Таму, мы зьбіраем розныя вэрсіі - чаго толькі людзі ня чуюць!..”
Фота: artvertep.dp.ua/dniprock, gung.pelvis.ru |
...
Рэпартаж з "Графіці" (29.01.2005 - вечарына "Творчага Дома"). Live-відэа "Танга на краі" ў Графіці avi 5.306 Kb (дзякуй, Павал Антыпаў!). *Не раім праглядаць дзецям да 16 гадоў - ёсьць спрэчныя моманты :) |
|||
|
Менск 2005-2006 © rusia.fromby.net. e-m. |