> Прыватная Зона <
фэн сайт Русі і Indiga
Руся


Ігар Варашкевіч: “Я чалавек не ад гэтага сьвету…”
Прыватная Зона


Госьць “Прыватнай Зоны” - чалавек, які ўжо стаў легендай беларускай рок-музыкі, які натхняе маладыя гурты на існаваньне, а сталых музыкаў - на сур’ёзныя песьні. Музычныя шчыраваньні чакаюць лідэра гурта “Крама” Ігара Варашкевіча.

Ігар Варашкевіч

“Музыка і Пэрсоны”

- Ігар, ты асаблівы чалавек у сьвеце музыкі, бо ўсё сваё жыцьцё займаесься выключна творчасьцю. І насамрэч ніхто ня ведае, хто ты і што ты па-за межамі “Бонды” ці “Крамы”. Давай паразмаўляем сёньня пра тое, чаму ты вырашыў займацца музыкай і ад чаго адмовіўся ў сваім жыцьці дзеля таго, каб быць музычным чалавекам. Навошта табе твая музыка?
Ігар: Усё пачалося ў школе - я вельмі захапіўся рок-музыкай, і калі вучыўся ўжо ў 10 клясе, зразумеў, што ня ведаю, чым мне займацца і куды паступаць - як дурань сядзеў і ня ведаў, што мне рабіць. У канцы школы я пачаў пісаць песьні ў стылі “блюз-панк”, так скажам. На першым курсе трапіў у прафэсыйны на той час гурт “Студыя 7”, які сьпяваў на расейскай мове, а тэксты браліся з часопісаў, з газэт. Потым трапіў у гурт “Рокіс”, які потым ужо ператварыў у гурт “Крама”.
- Як склаўся твой прыватны лёс? Ці маеш ты звычайную сям’ю, дзяцей?
Ігар: Прыватны лёс склаўся ў мяне яшчэ больш складана, чым усё астатняе. Сям’і я ня маю, маю ад першай жонкі сына, якому 18 год. Ён таксама музыкант, грае на флейце і выконваў партыю флейты ў песьні “Падае дождж” на альбоме “The Best”. Мая першая жонка вельмі любіць тое, што я раблю: яе густы музычныя такія ж самыя, як мае. Яна мяне вельмі паважае, у нас ніколі не бывае канфліктаў ці ўспамінаў пра тое, што “ты нас кінуў”, мы ніколі ня сварымся - у нас вельмі добрыя адносіны. Мае астатнія жанчыны, я ня буду пералічваць усіх, але яны мяне падтрымлівалі, мае музычныя пошукі.
- Ці праўда, што ў цябе было пяць жонак?
Ігар: (усьміхаецца) Не, у мяне было ня пяць жонак, толькі дзьве.
- Ігар, не сакрэт, што на песьнях “Крамы” вырасла шмат людзей, твае песьні - што ні песьня, то гіт! На жаль, у нашым грамадстве існуе меркаваньне, што, калі чалавек вядомы, то ён вельмі багаты і шчасьлівы. Мне б хацелася, каб людзі ведалі, што сапраўды таленавіты чалавек звычайна не патрэбны грамадзтву, нават калі ён аддае людзям усё сваё жыцьцё. Распавядзі пра свой побыт, пра сваё ўласнае жыцьцё - ці маеш ты, напрыклад, глямурную кватэру ў цэнтры Менску, альбо дарагі аўтамабіль, ці носіш адзеньне “Dolce Gabbana”?
Ігар: Я не нашу адзеньне “Dolce Gabbana”, я люблю вельмі простае і ўтульнае апраньне - джынсы, кашулі. (усьміхаецца) Кватэры я ня маю - вось апошнюю кватэру я здымаю ўжо дзевяць год, да гэтага мы жылі разам з Андрэем і з Клаўсам, то бок, такімі камунамі. Я скажу, што гэта не галоўная праблема майго жыцьця, але ўсё ж такі праблема, таму што ты раз-пораз пачынаеш адчуваць сябе такім сабакам, якому буду закалацілі, і ён ня ведае, што яму рабіць.
- Што для цябе грошы?
Ігар: Грошы - сродак для існаваньня. Ня больш. Хаця, калі іх няма, я сябе адчуваю вельмі дрэнна, псыхоз пачынаецца. Гэта зьвязана зь фізычным узростам, я думаю, таму што калі я быў малады, я пра гэта так ня думаў, а калі табе ўжо вось 46 год і ты ведаеш, што ў цябе ёсьць адказнасьць за маці, якая на пэнсіі, а пэнсія не “дастойная”, як кажуць па тэлебачаньні, - 80 даляраў, пражыць на іх не вясковай бабцы, а гарадзкой жанчыне вельмі цяжка. Ёсьць сын, якому 18 год, і які можа сказаць, вось, тата, мне патрэбны такія-та грошы, можаш мне дапамагчы, а я адкажу - ты ведаеш, Янак, а ў мяне няма нічога…
- Ты вельмі шмат часу аддаеш творчасьці, даклада, аддаеш ёй усё сваё жыцьцё. Ці не бывае табе страшна, што ў рэшце рэшт ты станеш старым дзедам, які нічога, акрамя музыкі не рабіў, і таму ня мае пэнсыі ці там яшчэ якіх дзяржаўных ільгот. Ці не сташна табе, што на цябе наўпрост забудуцца, і ўсё, што з табою застанецца, гэта твая музыка і ты сам?
Ігар: Так, бывае страшна. Хаця, пра пэнсыю я ня думаю, толькі маці нагадвае час ад часу. Але я кажу, што я на гэтую пэнсію ўсё роўна не пражыву, спадзяюся, што я проста не дажыву да такога ўзросту, калі не змагу анічога рабіць! А калі дажыву, то я напішу, можа быць, такую песьню, як, напрыклад, Chris de Burgh напісаў "Lady In Red", і адразу стану мільянэрам. Мара такая! Дурная… Хаця, у мяне ёсьць шанцы, правільна? Я ж ня самыя благія песьні пішу. А, можа, ты маю якую песьню сьпяеш і станеш сусьветнай зоркай! (усьміхаецца)

“Музыка і мантры” (пытаньні ад слухачоў праграмы)

- Як вы паставіцеся да таго, што заўтра якісь Супэр прыйдзе да вас і скажа: “вось, тут народ трыб’ют Варашкевічу хоча зладзіць”?
Ігар: Маё стаўленьне да трыб’ютаў вельмі складанае. Я лічу, што трыб’ют павінен быць зроблены тады, калі, прабачце, чалавек ужо памёр, альбо гурт ці музыка дасягнуў такога ўзроўню, як “Pink Floyd” ці Джымі Хендрыкс. А рабіць зараз “крамаўскі” трыб’ют я б не хацеў. Я думаю, што гэта павінна адбыцца значна пазьней.
- Пасьмяротна?
Ігар: Магчыма, і пасьмяротна. Тут толькі ёсьць такая рэч, што пасьмяротна будзе шкада, што не пачуеш, што зрабілі… (усьміхаецца) Ну, прадсьмяротна.
- Ці ведаеце вы, спадар Варашкеувіч, хто такі “медвед”?
Ігар: (усьміхаецца) Хто?! Мядвед? Я ведаю, хто такі “мядведка” - гэта мы даўно ўжо прыдумалі з Клаўсам. Гэта п’яны, які ня можа ўжо ісьці, або паваліўся ў траву недзе. Вось гэта мядведка.
- Ігар, вы - адзін з самых таленавітых музыкаў беларускага рок-н-ролу. Быў час, калі “Крама” зьбірала вялікія залі, а зараз вы вымушаныя граць падпольныя канцэрцікі. Скажыце, ці ня цяжка вам зараз перажываць гэтыя кантрасты?
Ігар: Цяжка, безумоўна! Шкада хаця б таму што мы ня можам зарабіць грошай. Шкада, таму што я памятаю 96 год, Белсофпраф, калі там быў біток, палова людзей засталася на вуліцы, з намі тады разам былі “Палац”, “N.R.M.” на сцэне, Вераніка Круглова. А потым усё пачалося - у адзін год шмат трагедый, праблемаў, бацька памёр, дзед памёр, разыйшоўся афіцыйна з жонкай, забаранілі кліп, то бок - перакрылі ўсе кляпаны. Прычым, яшчэ свае пачыналі казаць, маўляў, “Крама” нічога ня робіць, яны п’юць, толькі п’юць… Людзі ня хочуць разумець праблемы вядомых людзей, нібыта, яны не павінны пакутаваць, не, у іх павінна ўсё быць “чотка”!
- Ці будзе працяг кавэраў на замежныя гіты, як “Сюзана”, напрыклад?
Ігар: Не, працягу кавэраў на замежныя гіты ня будзе - шмат бруду каля ўсяго гэтага, не хачу туды больш улазіць.
- Зараз такое сур’ёзнае пытаньне, пра адзіноту, жыцьцё, каханьне. Ігар, вы выглядаеце так, быццам бы вы балюча адзінокі чалавек. Ці ёсьць у вас паміж музыкай і канцэртамі месца простаму чалавечаму каханьню?
Ігар: Так. Ужо ёсьць!
- Ёсьць такія музыкі, якія вам спачатку спадабаліся, а потым вас чым-небудзь моцна расчаравалі? Ці расчароўвалі вас звычайныя людзі?
Ігар: Так, былі расчараваньні і музычныя, напрыклад, я ўсё жыцьцё любіў “Rolling Stones”, а цяпер на DVD я гляджу канцэрты, напрыклад, замест “Гарадка”, ці канцэртаў Жванецкага. Звычайныя людзі мяне таксама расчароўвалі і расчароўваюць усё больш і больш. Я думаў, што ў мяне шмат сапраўдных сяброў, а зараз я магу жорстка адказаць, што іх увогуле няма.
- Ці маглі б вы спакойна забыцца на сташную крыўду ад лепшага сябра?
Ігар: Думаю, што празь некаторы час – так.
- Кожны дзень - як маленькае жыцьцё, маленькі лёс. Ці маглі б вы даць парады - на што павінен чалавек арыентавацца ў штодзённым жыцьці?
Ігар: А я чалавек не ад гэтага сьвету, таму не магу сказаць, што мой дзень - гэта маленькае жыцьцё. Я жыву ня так, як усе. Я магу даць параду толькі творчым людзям, гэта прыдумала мая першая жонка Лора: трэба быць у творчасьці абсалютна шчырым. Гэта самае галоўнае.

Руся
Фота: Jacek Marek
...

таксама тут: