|
> прэс-агляд < фэн сайт Русі і Indiga |
![]() |
||
<< прэс-агляд РУСЯ БЕЗ ЗАБАБОНАЎ
Сяргей Будкін. “Тузін гітоў” — лінк на арыгінал"Вы так не пужайцеся, - загадзя папярэджвае Руся, - не абжыліся яшчэ, паўсюль беспарадак, да таго ж Хадановіч учора гасьцяваў і пакінуў пасьля сябе процьму піўных бутэлек". Але ж яны крыху пакрывіла душой - аніякага бязладдзя, усё чыста, паследстваў гасьцяваньня Хадановіча таксама не відаць. Муж Русі Зьміцер (гітарыст "Індыга") у залі працуе на кампутары над новымі песьнямі, а мы п'ем каву на кухні. РУСЯ І ХАДАНОВІЧ — ДЭПРЭСЫЎНЫ ТАНДЭМ
Будкін: З упэўненасьцю магу назваць "Індыга", калі не групай году, то адкрыцьцём дакладна. Як так сталася, што толькі праз год пасьля вашай перамогі на "Басовішчы", зьявіўся дэбютны дыск і распачалася актыўная канцэртная дзейнасьць? Руся: Вельмі марудна ішла праца над дыскам. Музыкай у нас не заробіш, таму часу не ставала - хто вучыўся, хто працаваў. Частку альбому запісалі ў Польшчы, калі грошы скончыліся - дапісвалі ў Менску. Не хацелася рабіць нейкі прахадны альбом, таму доўга працавалі над гукам, шукалі гукарэжысэра, які б адпавядаў нашым патрабаваньням. Б: Альбом, нарэшце, зьявіўся, але яго агульнае гучаньне ўсяго 28 хвілін. Выпадае чакаць паўнавартаснай праграмы? Р: У альбом "Дні" паводле канцэпцыі мы вырашылі ўключыць сем песень. Каб не напружваць слухача. Цяпер у нас некалькі праектаў - новых песень набралося на сапраўдны "вялікі" дыск, да таго ж рыхтуем калядную праграму разам з "Consul Band" і сумесную праграму з Хадановічам на лірыку Коэна. Б: Хадановіч будзе сьпяваць Коэна??? Р: Так, ён пераклаў яго лірыку і задумаў запісаць дыск. Нас запрасіў падыграць ды падсьпяваць. Кажа: я не магу вам заплаціць за музыку, вы - мне за тэкст, таму давайце працаваць разам. Акром таго Андрэю дапамагае ў напісаньні тэкстаў для "Індыга". Б: Вы пажадалі ўвайсьці ў творчую суполку "Дзеці сонца", вядомую сваім пазытыўным мысленьнем, але ж дуэт Руся-Хадановіч прадукуе ня надта вясёлыя творы... Р: Нічога радаснага не пішацца, хоць кожны паасобку ў групе - чалавек пазытыўны. "Дзецям сонца" на апошнім канцэрце мы песьню прысьвяцілі - "Тры сонцы". Можа мы зайзросьцім іх звышстаноўчасьці, таму і хочам далучыцца. Б: Як на маю думку, дык самая станоўчая па музыцы і настрою ў "Днях" - гэта бонус - кавэр на "Новае неба". Як Кася паставілася да такога нечаканага інтэрпрэтаваньня? Р: Кася дала нам згоду на выкананьне "Цэпелінаў", хоць такая музычная трактоўка гэтага твору аказалася ёй не да спадобы. Муж Касі сказаў, што "Цэпеліны" - гэта прароцкі твор-трагедыя, у якім былі прадказаны падзеі 11 верасьня ў ЗША, а мы зрабілі зь яе вясёленькую песеньку. Але мне падабаецца, як мы яе зрабілі - у нашым варыянце аніякай трагедыі не адбываецца. ДЛЯ ЎКРАІНЦАЎ — ТОЛЬКІ ПА-БЕЛАРУСКУ
Б: "Індыга" часьцяком абвінавачваюць у такім сьмяротным, для сьвядомай часткі насельніцтва, граху, як кан'юктурнасьць: маўляў, каб паехаць на "Басовішча" ды выдаць альбом, пераклалі з расейскай свае тэксты... Р: Часткова, гэта праўда. Свае тэксты мы пераклалі адмыслова для "Басовішча". Але нешта пераламалася раней. Мае амерыканскія знаёмыя не зразумелі мяне, калі даведаліся, што я сьпяваю па-расейску, хоць жыву на Беларусі. Пасьля "Басовішча" мая пазыцыя замацавалася канчаткова: сьпяваць толькі па-беларуску. Арганізатары канцэртаў на Ўкраіне таксама паставілі ўмову - сьпяваць на сваёй мове. Б: Калісьці вы прарываліся ў Расею, цяпер - на Ўкраіну. Вырашылі зьмяніць ськіраванасьць? Р: Расею не закінулі, вырашылі прарывацца туды зь беларускай мовай. Даслалі свой дыск у вядомую кантору "Кушнір-прадакшн", чакаем выніку. А з украінскім турам выйшла цікава. Дзіма знайшоў па абвесткам у адной з кіеўскіх музычных крамаў тое, пра што ўвесь час марыў - гітару "Гібсан" і паехаў па яе. Гандляр, між іншым, пацікавіўся, што за музыку ён грае і Дзіма падараваў яму наш дыск. Пасьля гэтага нас запрасілі даць некалькі клюбных канцэртаў. З 2 па 4 сьнежня міні-тур: Кіеў, Харкаў і Днепрапетроўск, таксама запрасілі на кіеўскае тэлебачаньне. 75% НЕ ДЛЯ НАС
Б: З увядзеньнем цэнзу 75% беларускай музыкі на радыё, мне падаецца найбольш верагодныя два варыянты далейшага разьвіцьця такіх каманд, як "Індыга". Прыпапсець і патрапіць у жорсткую ратацыю ці прынцыпова зьбіцца на вострасацыяльнасьць і ганарліва граць на Бангалёр. Які варыянт абіраеце? Р: Хочацца дзейнічаць не пад прымусам і проста займацца творчасьцю. Тужыліся мы зрабіць нешта радыёфарматнае, але, калі ёсьць зададзенасьць, справа не ідзе, няма натхненьня. Ды і сэнсу мала ў гэтай пастанове - яшчэ болей будзе песень Маісеева і "Начных снайпераў". Таму будзем рабіць тое, што па душы. Калі я і Сьвета (вакалістка групы "Тарпач") былі ў Аўстрыі, нам прапанавалі зрабіць праект а-ля Крысьціна Агілера і Пінк, але мы тую ідэю не ўпадабалі. Папсець ня будзем. Зараз нас наогул хіліць у бок джаз-року. Б: Аднак, я ведаю, што хутка пад песьні "Індыга" затанчыць поў-Эўропы. Р: Так, гэтым праектам займаецца наш знаёмы - папулярны ды-джэй Rollerrcoaster які выступае ў буйных эўрапейскіх электраклюбах. Яго ўлюбёная песьня - "Людзі", што зараз "круціцца" на "Тузіне гітоў". Яму спадабаўся мой вакал і ён ўзяўся за апрацоўку нашых песень.У гэтай сытуацыі мяне цешыць тое, што "прасунутыя" эўрапейцы ў хуткім часе могуць пачуць беларускую мову... Б: ... І пабачыць беларускую прыгажосьць. Цябе ўжо пачалі прымяраць пад сэкс-сымбаль беларускага року. Тут яшчэ і твая нядаўняя заява, што "Індыга" падтрымліваюць сэкс-меншасьці... Р: Я - вольная ад розных забабонаў. Думаю, што прыхільнікаў, што маюць традыцыйную арыентацыю мы гэтым не распужаем. А вось саманазвацца "сэкс-сымбалем" з такім-та ростам сумленьня не хапае. << прэс-агляд |
... увага! Рэцэнзіі на дэбютны індыгаўскі альбом "DNI" можна пачытаць у разьдзеле indiga ... |
||
|
Менск 2005 © rusia.fromby.net. e-m. |