> прэс-агляд <
фэн сайт Русі і Indiga
Руся



Нататнік творчай эгаісткі
Экспэртны камэнтар да вынікаў 26-га тура на "Тузіне Гітоў" - лінк на арыгінал

Вітаю вас, шаноўнае спадарства! Як чалавек сумленны, я падыйшла да камэнтаваньня туру сур'езна, таму, калі што, не крыўдуйце. Лічыце, што гэта не камэнтар, а так званы "нататнік творчай эгаісткі", бо ўсе развагі сапраўды шчырыя і суб'ектыўныя.

Ну што, пачнем з захапленьняў і расчараваньняў, сапраўдных куміраў ды калег па цэху, потым зьвернем увагу на мэтраў і скончым лідэрамі туру.

Сапраўдным адкрыцьцем гэтага туру стала для мяне Карыяна ("Некрасыва").
Памятаючы пра яе няўдалы вопыт з англамоўнымі песьнямі, я шчыра парадавалася за сьпявачку. Яе песьня "Некрасыва" прыемна мяне ўразіла. Удалая апрацоўка, вялізны вакальны рост!!! Мабыць, Карыяна сапраўды зрабіла правільны выбар у бок эстраднай музыкі. Удалая работа, няма й чаго казаць.

Расчараваньне туру - Натальля Падольская ("Рэчанька").
На маю думку, Натальля спаганіла прыгожую песьню звычайным эстрадным выкананьнем. Прыемна, канешне, што беларуская песня гучыць на фабрыцы зорак. Зразумела тое, што і вакал моцны і сьпета ўсе граматна, прыгожа і "чысьценька". Але ж занадта агрэсыўна і неяк бяздушна... Як на дзяржаўным іспыце ў кансэрваторыі. Аранжыроўка песьні наагул нагадвае міды-мэлёдыю, калі прыбраць халодна-цынічна-прафэсыйны вакал Натальлі, то гэтую "Рэчаньку" можна з посьпехам выкарыстоўваць у барах караоке. Нельга за фальклор брацца з такім падыходам да выкананьня. Ужо лепей на фабрыцы зорак застацца.

Вось, дарэчы, давайце паслухаем, што з народнай творчасцю робіць Іван Кірчук.
Гэта адзіны зь нешматлікіх людзей, якімі я шчыра ганаруся (Дзядзя Ваня, мой Вам паклон!). Што б Кірчук не рабіў, у гэтым заўсёдна прысустнічаюць вялізная моц выкананьня, шалёны драйв, маналітная харызма, упэўненасьць і магічнасьць старога ведзьмака. Адна з фаварытаў тура - песьня "Сем чарак гарэлкі" сваім напорам нагадвае стромкі сымбіёз "In Extremo" і "ZZ-Top"!

Пераходзім да калег па цэху. Да маладых выканаўцаў.
IceCreamOff - "Гарызонты".
Якія ж такія вышыні жадаеце скарыць вы, шаноўныя калегі, калі, нават, стырыць па-людзкі песьню ня здолелі (маецца на ўвазе БИ-2 - "Мой рок-н-рол")? Усе ведаюць агульны алгарытм посьпеху - хто першы скраў, той і аўтар - але ж, варта бы рабіць гэта культурней ) А то, як толькі пачынаецца песьня "Гарызонты", дык адразу згадваецца халодна прыгожы твар Інгеборы Депкунайтэ. Калі што - зьвяртайцеся, распавяду, як "Indiga" тырыць у "Skunk Anansie" :)

Наступныя калегі - IQ48 і Памідораў - "Выйсьце". (таааак... усе ай-кьюшнікі разам напружваюцца ў чаканьні : )
Релакс, амігос! Выдатная песня ў вас атрымалася! Памідораў прыгожа размаляваў яе сваім спэцыфічным тэмбрам беларускага мачо. Мой улюбёны момант у "Выйсьце" - калі галасы раптоўна абрываюцца, потым паўза і... (аж дрыжыкі па скуры) пранізлівае й мэлянхалічнае сола саксафона... "Выйсьце" - яшчэ адзін мой асабісты фаварыт гэтага тура.

Мэтры:
Zet - "Анёл".
Спадар Канцлер, як заўсёды, ведае што рабіць, як рабіць і на якія кнопачкі націскаць, каб яго чарговы прадукт спадабаўся калі ня ўсім, дык большасьці. Песьня "Анёл" не выключэньне. Пранізьлівы тэкст пра сучасную рэчаіснасьць, традыцыйныя пытаньні й заклікі.
Падаецца мне, што Канцлер прадаў душу Мэфыстофелю наўзамен на тое, каб усе яго праекты былі ўдачлівымі, а творчасьць ляканічнай і ўсім зразумелай.

Пра žygimont VAZA ("Лякарня") нічога дрэннага не скажу.
Мала таго, што Скрыпа мой сваяк (вітаю, кузэн!), так мы яшчэ і жывем побач. Таму песні "žygimont VAZA" я слухаю часта і многа і"Лякарня" - адна з маіх улюбеных твораў з ZV. Памятаю, як мы са Скрыпам доўга спрачаліся наконт таго, якую ж песьню аддаць на "Тузін гітоў". Бачыш, браце, як у ваду глядзелі! Колькі ўжо тыдняў трымаецца на Тузіне гэты глыбокі, мэлянхалічны твор сталага й сур'ёзнага дзядзькі?
Але, маю падазрэньні, што табе аддаюць галасы пераважна жанчыны, бо ўжо маеш занадта інтрыгуючы ды сэксуальны голас. Дзевачкам такія галасы падабаюцца. Карацей, наша бабуля-габрэйка зараз мае ўсе падставы табой ганарыцца!

J_Морс - "Так-цік-так".
"J_Морс", без сумневу, пакуль што адзіны беларускі гурт, творы якога сьмела і ўдала можна выкарыстоўваць у кінаіндустрыі! Што ні песьня, так гатовы саўндтрэк. "Так-цік-так" прыдалася б вытворцам шпіёнска-любоўных мэлядрамаў пра прыгожых жанчын, моцныя мужчынскія напоі і дарагую зброю. Галоўную ролю глямурнага магната аддаць Уладзімеру Пугачу, а ролю пагрозьлівага крэдытора - Раману Арлову.

Зьміцер Вайцюшкевіч - "Вясновы дзень".
Спадар Вайцюшкевіч - сучасны рыцар беларускай музыкі. Калі слухаю яго, заўсёды мару пра галянтныя манэры сярэднявечча, чырвоныя ружы, старыя і шчырыя каштоўнасьці і пра такую ж адкрытую творчасьць. Вайцюшкевіч мае вельмі цікавы голас. Ён ня проста сьпявае, а нібыта "грае" свае песні. Як актор карыстаецца мімікай, жэстамі ці рухамі цела, так Зьміцер карыстаецца ўсімі толькі яму вядомымі вакальнымі хітрыкамі, каб стварыць дынамічны і яркі вобраз.
Часьцяком чую скептычныя словы: маўляў, "у нас ніхто сьпяваць ня можа". У чым справа? Слухайце Вайцюшкевіча, шаноўныя!

Аляксандра і Канстанцін - "Ду-ду да-да".
АіК - мая даўняя любоў, на якую я захварэла, калі АіК выдалі свой першы альбом "За ліхімі за марозамі". І цяпер, калі мае вушы прагнуць музычнай шчырасьці, я слухаю гэты дыск. На маю думку, нічога лепшага "АіК" з тых часоў яшчэ не зрабілі. Аляксандра мае ўнікальны голас, унікальны вобраз і ўнікальную творчую аўру. Яна падобная да маленькага анёла з моцнай галасінай і ніхто болей з жанчын ня можа сьпець народныя песьні так, як Саша Кірсанава.
На жаль, зараз АіК усе больш займаюцца эксперыментамі дзеля радыё ды танцполу. "Ду-ду да-да" - чарговы такі эксперымент. Зразумела, што ўсе гэта справа добрая, але ж я буду ціха спадзявацца на вяртаньне "АіК" у фармат іх першага альбому.

Neuro Dubel - "Жыцьцё".
На працягу усяго туру гэта песьня змагалася за перамогу с крамаўскай "Прыгажуняй". Прычым, цікавая справа: "Крама" звычайна набірала галасы цягам дня, а "Neuro Dubel" - з надыходам ночы. Што гэта? Барацьба сьветлага й цемнага, інь-янь?:) Здаецца, што звычайная прага да гармоніі. Калі "Крама" - гэта бяспрэчныя профі, то "Neuro Dubel" - аголены нэрв сучаснай беларускай музыкі.
Адразу скажу, што дыскаў "Neuro Dubel" у маёй хатняй калекцыі няма, бо не магу слухаць іх у запісу і магу зразумець песьні Кульлінковіча толькі на канцэртах. Мяне заўсёды цікавіць творчы лёс спадара Кульлінковіча - загадкавай пэрсоны, што хавае глыбокія пачуцьці, сьмелыя разважаньні і нейкі асабісты боль за мудрым позіркам. Такое вось жыцьцё...

Крама - "Прыгажуня".
У кожнага музыканта ёсьць пэўны музычны эталён. Пэўны гурт, ці пэрсона, на каго хацелася б быць падобным у прафэсыйным пляне. Для мяне такі эталён - гурт "Крама". На іх прыкладзе мы маем доказ тэзіса, што "музыка знаходзіцца у пальцах музыканта". "Крама" - гэта фэнаменальны гурт, які ня можа спаганіць аніякую песьню. Што б яны не гралі, атрымоўваецца прафэсыйны прадукт.
"Прыгажуня" - галоўны фаварыт гэтага тура: прыгожая песьня ў выкананьні самага прыгожага мужчыны беларускай рок-сцэны.


...

увага!


Рэцэнзіі на дэбютны індыгаўскі альбом "DNI" можна пачытаць у разьдзеле indiga ...