> прэс-агляд <
фэн сайт Русі і Indiga
Руся


Руся падводзіць вынікі году
год 2006


У сакавіку ў Варшаве адбыўся вялікі канцэрт “Салідарныя зь Беларусьсю”.
Некалькі гадзін жывой музыкі, больш за пяць тысяч людзей, сьцягі, гучныя сьпевы, атмасфэра свабоды і вольнай творчасьці. Падчас выступаў, калі свае песьні мы ўжо прасьпявалі, разам са спадаром Кульлінковічам мы сыйшлі са сцэны, каб паслухаць канцэрт. Мы наўпрост стаялі ў натоўпе людзей, слухалі музыку і шчыра плакалі, як малыя дзеці, разумеючы, што музыка – гэта самае галоўнае і самае важнае шчасьце, што ёсьць у нас. Разважалі пра тое, што, здаецца, упершыню ў жыцьці мы адчулі сябе сапраўднымі музыкамі, якія насамрэч прагнуць не паходаў да камісіі па цэнзуры, а простай музыкі, звычайнай творчай экспрэсіі, магчымасьці займацца тым, што любіш і дзеля чаго жывеш. Мы слухалі песьню “так варта жыць” і кожны разумеў, што менавіта так і варта жыць: граць музыку, бачыць свае родныя сьцягі, глядзець у вочы натхнёных людзей і размаўляць зь імі праз свае песьні. На мой погляд, гэта самы шыкоўны сумесны праект беларускіх і польскіх выканаўцаў за некалькі апошніх год, бо ён натхніў беларускіх музыкаў на далейшае разьвіцьцё, адкінуў убок палітычныя дэпрэсіі і страхі, дапамог прадстаўнікам розных плыняў наладзіць творчыя стасункі і ўвогуле прадэманстраваў тое, што музыка - гэта сьветлая і шчырая мова, на якой аднолькава можна размаўляць у любой краіне сьвету. Дзякую нашым польскім калегам за тое, што такі праект меў мейсца ў гісторыі беларускай і польскай музыкі.

Праект Аляксандра Памідорава “ДЫХАЦЬ” таксама стаў заўважнай кропкай у гісторыі беларускай контр-культуры.
Памідораў сабраў амаль што усіх забароненых музыкаў і зняў пра іх кінастужку. Нічога пафаснага ці палітычнага, простыя размовы пра тое-сёе, інтэрвію, рэпэтыцыі, простае жыцьцё творчых людзей, якія жывуць дзеля музыкі, якія замест яхтаў і пэнт-хаўзаў маюць адно – самае галоўнае багацьце – уласную творчасьць. Для праекту “Дыхаць” кожны гурт-удзельнік запісаў сьвежую песьню. Выключна для фільма Памідораў зрабіў складанку музыкі тых гуртоў, якія нібыта існуюць у Беларусі, але іх нібыта няма, бо ня бачна іх ні на тэлевізіі, ні чуваць на радыё, але ж мы ёсьць! І знайсьці нас можна ў такіх эксклюзіўных праектах, як праект Аляксандра Памідорава – “Дыхаць”. Саша, дзякую!

Слушны музычны партал “Тузін Гітоў” набірае моц і прэстыж!
Каманда тузіну ўжо мае свой уласны аўтарытэт сярод беларускіх і польскіх незалежных СМІ. Калі праект толькі пачынаўся, ніхто ня верыў ў тое, што нейкі там “ТУЗІН ГІТОЎ” са сваім гіт-парадам стане такім буйным інфармацыйным рэсурсам! Але ж… час ідзе і сёньня “Тузін” штогод выпускае музычную справаздачу ў выглядзе дыску, куды ўкладае пераможцаў гіт-параду і адкрывае новыя імёны беларускім мэляманам. “Тузін” ладзіць зусім НЕ местачковыя канцэрты, мае штотыдневае радыё-шоў, вельмі хутка рэагуе на музычныя навіны і заўсёды трымае наведвальнікаў сайта “ў курсе справаў”. Сёньня “Тузін Гітоў” – гэта прэстыжная музычная інтэрнэт-плятформа, куды жадае трапіць не адзін беларускі гурт.

Беларускія гурты “ТТ-34” і “beZ bileta” пачалі супрацоўнічаць з расейскай кінаіндустрыяй у якасьці саўндтрэк-мэйкераў.
Гурт “ТТ-34” працаваў у вядомай кінастужцы “Начная варта”, а гурт “beZ bileta” – у фільме “Паляваньне на піраньню”. Лічу, што калі расейскае кіно купляе беларускую музыку – то гэта сьведчыць пра яе якасьць і разнаплянавасьць. Ня толькі ж рок-н-рол пра радзіму і свабоду граць будзем. Гуртам “ТТ-34” і “bZb” выказваю сваю асабістую павагу!

Фэстывалі “БАС ДЭЙ” і “БАРАБАННЫ БІТ” ня толькі ня зьніклі, а наадварот, узмацнілі свае музычныя пазіцыі!
Зараз, штогод і першы і другі фэстывалі працуюць выключна з басістамі і бубначамі беларускіх гуртоў, даюць музыкам шанец паказаць свае таленты СОЛЬНА!

Легендарны полацкі фэстываль “РОК КОЛА” нарэшце дабраўся да Менску і паказаў “Рок-Каранацыі”, як ўсё ж такі трэба рабіць ДОБРЫЯ фэстывалі.
Рок-КолаКалі хто з вас жадае паглядзець і пачуць, што такое сапраўдны рок-н-рольны беларускі фэстываль – шчыра раю вам наведаць горад Полацак у наступным годзе. Пагдязіце Рок-Кола 2007! Шкадаваць ня будзеце, гэта я вам абяцаю!

У 2006 годзе беларускія дзеткі і дарослыя атрымалі, на мой погляд, шыкоўную магчымасьць сумясьціць любоў да роднай мовы, знаёмства зь беларускімі дзеячамі культуры, звычайнае лайдацтва і добрае кіно! Беларускія музыкі, журналісты і акторы зрабілі “Шрэка-2” на роднай мове! Мультфільм атрымаўся проста казачны! Калі вы яшчэ не пасьпелі яго паглядзець – хуценька шукайце! Гарантую вам добры настрой і няспынны рогат.

Пра важныя падзеі мы паразмаўлялі. Зараз пераходзім да расчараваньняў.

Распад гурта “ТАРПАЧ” стаў для мяне сумнай падзеяй. Мне вельмі падабаецца Сьвета Сугака і я верыла, што яна змагла б стаць такой беларускай Нінай Хаген. Не атрымалася. Затое, Сьвета зараз працуе ў вольным тэатры і, калі сустракаемся, яна заўседы кажа, што ўсе будзе добра :)

Складанка “Песьні Свабоды” расчаравала мяне ў тым пляне, што зроблена яна, на маю думку, абы як. Не адчуваецца сур'ёзны падыход да справы, да цэласнай канцэпцыі праекту. Ёсьць уражаньне, што дыск кампілявалі вельмі хутка і складалі яго з тых песень, што ў дадзены момант апынуліся пад рукамі. Я лічу, што калі ўжо біць у яблачка, то выключна залатымі стрэламі!

Басовішча-2006”Басовішча” становіцца нейкім чужым, іншым. Відавочна зьмянілася аўдыторыя, калі раней гэта быў экслюзіўны фэстываль, дзе панавала атмасфэра сапраўднага андэграўнда, рок-н-ролу, то зараз туды едуць выключна ўсе, нават прыхільнікі расейскіх поп-гуртоў. Басовішча губляе шык і густ. АЛЕ! Я хачу шчыра падзякаваць Басовішчу за дзьве рэчы:
1. За гурт “Троіца” на сцэне “Баса” сёлета і
2. За тое, што ў 2003 годзе фэстываль выпусьціў у музычны сьвет гурт “Indiga”. Мы ўсё памятаем і шчыра дзякуем “Басовішчу” за дапамогу!

На Беларусі ў рэшце рэшт зьявіўся праект “The Great Battle Of The Bands”, дзе паважаная камісія выбірала адзін гурт, які паедзе ў Англію, у горад Лёндан на фінальны канцэрт. Пасьля канцэрту пераможца атрымоўвае кантракт са знакамітымі падусарамі. Ідэя выдатная! Але, гурты, якія паважаная камісія абрала да удзелу ў беларускім адборачным туры асабіста мяне часам прымушалі чырванець і адчуваць агульны сорам. Не скажу, што ўсё было дрэнна, але хацелася, каб шанец прадстаўляць беларускую музыку мелі ўсё ж такі беларускія гурты, а не рэстаранныя каманды ці праекты, якія ствараюцца выключна для удзелу ў байкерскіх фэстывалях і гулянках. Дарэчы, перамог у беларускім туры – “Сьвет Бугі Бэнд” Сьвет Бугі Бэнд, які грае шыкоўны, густоўны блюз! Хлопцы ня здолелі прывезьці перамогу, але ангельскіх калегаў прыемна зьдзівілі. На маё пытаньне “Ці можна ў Лёндане увогуле перамагчы” вакаліст гурта, Сьвет, кораценька адказаў: “Не! Не магчыма” і патлумачыў “Там гурты граюць канцэрты штодзень, а мы раз на тры-чатыры месяцы. Таму, адразу відавочна, што яны профі, а мы гаражныя банды, нават калі мы выдатныя музыкі. Канцэртовы вопыт ці яго адсутнасьць адразу кідаецца ў вочы”. Мае шаноўныя калегі, ня трэба творчага адчаю! Кожнаму з вас жадаю канцэртаў штодзень! І каб кожны год па альбому :)

Сакавік. Знакавы месяц для кожнага беларуса. У сакавіку я ўпершыню ў жыцьці адчула, што такое страх і яго адсутнасьць, што такое натоўп і грамадзянская агульнасьць, што такое “раз’яднаньне” унутры уласнай сям’і, калі немагчыма растлумачыць блізкім чаму і навошта ты робіш нейкія рэчы. У сакавіку я ўпершыню ў жыцьці адчула, што такое напіцца гарэлкі ад адчаю і некалькі дзен не пакідаць кватэру, бо надзеі больш няма, я зразумела, што такое вольнае паветра і як хутка яго можа не стаць. У сакавіку мяне натхніла шчырае аб’яднаньне ўсіх беларускіх музыкаў, я бачыла, што ўсе сталі адным агульным, што забыліся на свой зорны статус, ці на тое, што ен толькі пачынаецца, ўсе на роўных. Але нядоўга, нажаль.. скончыўся сакавік і ўсе вярнулася на колы свае… Зараз я вельмі сумую па сакавіцкаму паветру. Мне яго не хапае…Сакавік

Што такого абдылося ў маім жыцьці ў 2006 годзе?

Натуральна, што самы галоўны эпізод – “Рок-Каранацыя”. Яшчэ калі я была падлеткам, я чытала музычную газэту і калі бачыла імёны Касі Камоцкай, Веранікі Кругловай, то заўсёды марыла пра свой рок-гурт і статус рок-князёўны. Як бачыце, мары зьдзяйсьняюцца: я атрымала рок-карону, а гурт “Indiga” хутка набірае папулярнасьць. Шчасьце ёсьць, яго ня можа ня быць.

У 2006 годзе гурт “Indiga” запісаў сінгл “Заенька” сумесна з аустрыйскімі ды-джэямі.
І зараз нашыя песьні на роднай мове гучаць на эўрапейскіх танцпляцах. Я ганаруся гэтым фактам! Сынгл “Заенька” ўвогуле вельмі знакавы для мяне дыск, бо вокладка альбому, якую зрабіў выкшталцоны дызайнэр і бацька “Тузіна Гітоў” – Вецер Мэханічны, дапамагла мне паступіць у ЭГУ, што ў Вільні. Галоўную песьню “Заенька” мы запісалі са сваімі блізкімі сябрамі (спадаром Варашкевічам з гурта “Крама”, зь Лёнікам і Машай з “Нагуаля”) і пакінулі, такім чынам, свой творчы сьлед у гісторыі беларускай музыкі.

Што тычыцца гурта “Indiga”, то нельга не сказаць пра тое, што ў мінулым годзе гурт ледзь не распаўся, але усе канфлікты мы пераадолелі, пазбавіліся сваёй дурной ганарлівасьці і ператварыліся ў адзін агульны арганізм. Нягледзячы на ўнутраныя бойкі, я ў рэшце рэшт разабралася са сваім прыватным жыцьцем і усё стала на сваё мейсца. Дрэнна, што праз усе перажываньні я адарвалася ад свайго музычнага жыцьця, але нічога! Прарвемся! Затое зараз з новымі эмоцыямі бяруся за новыя песьні! Дарэчы, на гэтым тыдні гурт “Indiga” распачаў запіс новага альбому:) Калі хто жадае фінансава дапамагчы гурту – лістуйце :)

У гэтым годзе ў мяне зьявілася свая радыё-праграма! “Прыватная зона”! Гэта мая арт-тэрапія. Празь людзей, зь якімі я размаўляю, я лепш разумею саму сябе.

У астатнім, нічога не зьмянілася. Людзі, якіх я люблю, жывыя, здаровыя і гэта самае галоўнае! Здаецца, усё. Нічога не забылася. Дзякую ўсім тым, хто ўвесь гэты час быў побач! Жадаю вам усяго найлепшага, сьветлага і радаснага! Беражыце сябе і любіце жыцьцё!
Вашая Руся


...

таксама тут: